Выстава першага ў Беларусі фатографа родаў адкрылася ў Заслаўі

7 красавіка, на Благавешчанне, у Заслаўскай гарадской бальніцы адкрылася фотавыстава Анастасіі Галезнік «Народзіны». Экспазіцыя размясцілася на першым паверсе і плануецца, што работы Анастасіі будуць аздабляць медыцынскую ўстановы на працягу года.

«А пазней будзем таксама прапаноўваць яе іншым установам Мінскага района», — адзначыў загадчык бальніцы Міхаіл Каралько.

Выстава «Народзіны» — гэта мастацкія фотаздымкі, якія Анастасія зрабіла ў працэсе родаў. На іх можна ўбачыць, як падтрымлівае парадзіху бацька дзіцяці ў самы цяжкі момант, як упершыню жанчына бачыць сваё немаўля і адчуць эмоцыі бацькоў, якія знаходзяцца з нованароджаным у першыя гадзіны яго жыцця.

Анастасія Галезнік — першы фатограф родаў у Беларусі. Яна нарадзілася і вырасла ў Заслаўі. 13 гадоў Анастасія працавала ў ІТ, але сышла, каб здымаць роды. Разам с мужам Анастасія гадуе трох сыноў, а таму для яе цуд нараджэння — гэта кожны раз яшчэ і асабістыя перажыванні.

Выстава першага ў Беларусі фатографа родаў адкрылася ў Заслаўі
Анастасія Галезнік і яе вялікая сям’я

«Я ведаю, наколькі важны момант з’яўлення на свет твайго дзіцяці. І як складана захаваць гэты момант у памяці, — кажа Анастасія. — Таму што для мяне гэта самыя сапраўдныя фатаграфіі. У іх само жыццё. Для мяне гэта проста космас — знаходзіцца побач з парадзіхай у такі момант. Кожны раз у мяне дрыжыкі ад шчасця. І кожны раз, калі я вяртаюся з радзільні, не веру, што ўсё гэта адбываецца са мной. Першы крык, першы погляд. Гэты пераход паміж светамі … Гэта фантастыка … Гэта мой рэсурс».

Фотавыстава Анастасіі Галезнік з’яўляецца часткай дабрачыннага праекту «Лілея» — суполкі духоўнай і медыка-сацыяльнай падтрымкі цяжарных жанчын Заслаўя, якая рэалізуецца пры падтрымцы Заслаўскага кафедральнага сабора Праабражэння Гасподняга і Праваслаўнага фонда Парфірыя Заслаўскага. У рамках ініцыятывы аказваецца рознабаковая дапамога цяжарным жанчынам і маладым маці.

» Мы спадзяемся, што выстава стане натхненнем і падтрымкай на шляху да народзін жанчын, якія будуць праходзіць па гэтай галерэі», — расказала арганізатарка ініцыятывы мастачка Анастасія Балыш.

Выстава першага ў Беларусі фатографа родаў адкрылася ў Заслаўі

Анастасія Галезнік і Анастасія Балыш