Як прайшоў маладзёжны форум «Сэнс. Жыццё. Будучыня»
Рэспубліканскі маладзёжны форум «Сэнс. Жыццё. Будучыня» прайшоў у Мінску ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Каўчэг» Свята-Елісавецінскага манастыра.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 200 чалавек. Гэта дэлегацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, сфарміраваныя з лідэраў маладзёжных арганізацый, актывістаў розных маладзёжных структур, прадстаўнікоў маладзёжных аб’яднанняў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Усе яны сабралісь разам, каб пагаварыць на многія надзённыя тэмы, у прыватнасці аб тым, як стварыць моцную сям’ю і як захаваць і прымножыць у ёй важныя каштоўнасці.
Арганізатарамі форуму выступілі дабрачынны фонд падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў», Беларуская Праваслаўная Царква, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ДУА «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы».
— Моладзь сабралася тут, у Каўчэгу для таго, каб пагаварыць аб тым, як на іх погляд лепш ствараць сямейнае жыццё, з якімі цяжкасцямі можна сутыкнуцца, якія ёсць напрацоўкі. Усё гэта мы жадаем аб’яднаць. Лепшы вопыт, вядома, будзе трансліравацца ўдзельнікамі форуму ў рэгіёны, — падзяліўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Паводле яго слоў галоўнае, каб сем’і, якія ствараюцца ў Беларусі, грунтаваліся на духоўных традыцыях нашага народа.
— Гэта само па сабе ўжо дае крэпасць і фундаментальную аснову. Але таксама неабходна выкарыстоўваць і новыя падыходы з улікам таго, што жыццё развіваецца, не стаіць на месцы. І вось па сукупнасці, несумненна, гэта прынясе добры плён, — заключыў Уладыка.
Ва ўнісон з яго словамі гучала і меркаванне старшыні Беларускага саюза жанчын Вольгі Шпілеўскай:
— Наогул сям’я — гэта заклад дзяржавы і заклад стабільнасці. Калі ёсць сям’я, ёсць карані. Вырваць іх вельмі складана, а значыць і расхістаць такую дзяржаву таксама складана.
Таксама яна адзначыла важнасць таго, каб моладзь сёння разумела ўсю каштоўнасць сям’і, сямейных адносін і важнасць нараджэння дзяцей.
— Мы ведаем, як уплывае ідэалогія, якая прылятае з Захаду. Вельмі важна ўмець гэтаму супрацьстаяць, — дадала Вольга Шпілеўская.
Праграма форума была вельмі насычанай. Моладзь працавала ў шасці тэматычных секцыях, прысвечаных фармаванню і прасоўванню традыцыйных каштоўнасцяў. Прыемнай часткай мерапрыемства было ўшанаванне і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу маладзёжных сацыяльных праектаў.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара
Источник: zviazda.by