Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч занепакоены новым указам у дачыненні да ЭКА
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч занепакоены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», які быў падпісаны 18 мая.
На афіцыйным рэсурсе Каталіцкай Царквы ў Беларусі апублікаваны зварот арцыбіскупа да вернікаў і людзей добрай волі, у якім ён заклікае да малітоўных акцый «з мэтай перапрашэння Бога за ўсе грахі супраць жыцця і сям’і, якія адбываюцца сёння ў Беларусі, і прадухілення планаў штучнай пракрэацыі, якія супярэчаць Божаму Закону і хрысціянскай маралі».
У звароце, які быў апублікаваны 20 мая, мітрапаліт Тадэвуш адзначае: «Мы не можам не выказаць пазіцыі Касцёла, калі пад пагрозай знаходзіцца натуральны, закладзены Богам парадак рэчаў, асабліва калі гэта датычыцца чалавечага жыцця. Касцёл ніколі не ставіўся да чалавека як да «біялагічнага матэрыялу», нягледзячы на тое, колькі часу прайшло пасля яго зачацця або нараджэння. Як каштоўнасць кожнага зачатага жыцця, так і святасць акту зачацця заўсёды знаходзіліся ў аснове хрысціянскага маральнага вучэння, бо гаворка ідзе пра павагу да святога дару саўдзелу чалавека — мужа і жонкі — у вялікай справе Бога Стварыцеля».
Касцёл занепакоены таксама пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 124 «Аб пытаннях прымянення дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій», апублікаванай 13 мая 2020 года. Гэта пастанова дазваляе зацяжарыць з дапамогай ЭКА адзінокай жанчыне.
Мітрапаліта Тадэвуша асабліва турбуе лёс самой жанчыны і яе дзіцяці. Ён лічыць, што гэтая пастанова парушае правы дзіцяці таму, што» нівелюе каштоўнасць бацькоўства, пазбаўляе дзіця права на абодвух бацькоў і паўнавартасную сям’ю. Такая сітуацыя робіць жанчыну і дзіця больш уразлівымі ў эканамічным і сацыяльным плане, ставячы пад пагрозу паўнавартаснае развіццё ў будучыні.»
Нагадаем, што ў лютым 2019 года Тадэвуш Кандрусевіч ужо публічна выказваўся наконт экстракарпаральнага апладнення «як амаральнай працэдуры, якая прыніжае годнасць чалавечай асобы і стварае пагрозу Божаму дару жыцця».
Пазіцыя Праваслаўнай Царквы да гэтага пытання застаецца нязменнай. У дакуменце «Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы», адзначаецца наступнае:
«Да дапушчальных сродкаў медыцынскай дапамогі можа быць аднесена штучнае апладненне палавымі клеткамі мужа, паколькі яно не парушае цэласнасці шлюбнага саюза, не адрозніваецца прынцыповым чынам ад натуральнага зачацця і адбываецца ў кантэксце шлюбных адносін. <…> Маніпуляцыі ж, звязаныя з донарствам палавых клетак, парушаюць цэласнасць асобы і выключнасць шлюбных адносін, дазваляючы ўмяшальніцтва ў іх трэцяга боку. Акрамя таго, такая практыка папускае адсутнасць адказнага бацькоўства або мацярынства, загадзя вызваляючы ад усялякіх абавязкаў у адносінах да тых, хто з’яўляецца «плоццю ад плоці» ананімных донараў.