Чым збіраюцца здзіўляць арганізатары Фестывалю навукі?
Правесці разам навуковы ўік-энд запрашае мінчан Савет маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук. 8 верасня ў рамках святкавання Дня горада ў Цэнтральным батанічным садзе ўпершыню пройдзе Фестываль навукі.
— Навука можа быць нясумнай, яна можа захапіць і доўга не адпускаць — менавіта гэта мы і збіраемся даказаць, — расказаў адзін з арганізатараў унікальнага для нашай краіны мерапрыемства навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі Аляксандр ЗАЙЦАЎ. — Нам хацелася б, каб чалавек, які выйдзе з фестывалю, потым яшчэ доўга «гугліў» у інтэрнэце інфармацыю, якая яго зацікавіла, і заставаўся прывязаным да таго, што ён пачуў. Фармат мерапрыемства разлічаны на сем’і з дзецьмі любога ўзросту. Галоўны наш прынцып — расказваць пра складаныя рэчы максімальна проста! І не толькі расказваць, але і паказваць…
Фестываль навукі размесціцца на 11 пляцоўках, разлічаных на наведвальнікаў з самымі рознымі інтарэсамі.
«Страх як асноўны абмежавальнік развіцця», «Як шум кіруе намі і што з гэтым рабіць?», «Як не памыліцца ў эпоху постпраўды?», «Нейронны партрэт чалавечага розуму», «Чаму кіты аказаліся парнакапытнымі?» — пра ўсё гэта можна будзе даведацца ў лекцыйнай зоне фестывалю. Тут будуць праходзіць як блокі лекцый (чатыры міні-лекцыі па 15 хвілін), так і выступленні працягласцю да 45 хвілін. Пры адборы тэм і выступоўцаў арганізатары стараліся прытрымлівацца двух крытэрыяў: даступнасць выкладання матэрыялу і тэма, якая зможа зацікавіць усіх. Таму сярод лектараў будуць не толькі сур’ёзныя вучоныя, але і папулярызатары навукі, напрыклад самы вядомы ў інтэрнэце на сённяшні дзень папулярызатар космасу Зялёны кот.
Дарэчы, у першай палове верасня ў Мінску будзе праходзіць Міжнародны касмічны кангрэс. І космасу на Фестывалі навукі будзе прысвечана асобная зона. Тут можна будзе пачуць пра загадкі Чырвонай планеты, новае аблічча старых планет, пра тое, калі ж з’явіцца горад на Марсе. Акрамя выстаўкі касмічных экспанатаў, выступленняў навукоўцаў-астраномаў і блогераў, у гэтай зоне адбудзецца сустрэча з сапраўднымі касманаўтамі. Тыя раскажуць аб знаходжанні на Міжнароднай касмічнай станцыі, пра свае ўражанні ад беспаветранай прасторы і адкажуць на пытанні гасцей падчас прэс-канферэнцыі.
У забаўляльнай зоне будуць прадстаўлены тры музеі навукі («Эксперыментус», «Квантум», «Элемента»), праекты «Разумны Мінск» і «Фізічны факультэт БДУ». На вачах у дзяцей будуць вырабляць навуковыя цацкі, ладзіць відовішчныя эксперыменты, праводзіць шматлікія майстар-класы. Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергетыцы запланаваў дэманстрацыю «Дапоўненая рэальнасць. АЭС на далоні» і віртуальную экскурсію па АЭС. Гасцям будуць прапанаваныя атамныя рэбусы, віктарына «Фізіка для чайнікаў» і атамны спрынт.
У Робазоне прымуць удзел школы робататэхнікі і школа лічбавых тэхналогій. Арганізатары VІ Мінскага адкрытага робатурніра правядуць тут спаборніцтвы па міні-сумо і гонках па лініі. У зоне археалогіі кожны зможа паспрабаваць сябе ў ролі археолага: для гэтага ў ёй будзе арганізавана некалькі палігонаў для раскопак, а таксама выстаўка археалагічных артэфактаў.
Свае зоны з насычанай праграмай прадставяць Цэнтральная навуковая бібліятэка і Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка. На выстаўцы будзе прадстаўлена прадукцыя Інстытута батанікі, Цэнтральнага батанічнага сада, РНПЦ гігіены, РНПЦ харчавання і іншых падраздзяленняў Акадэміі навук.
Свята распачнецца ў 12 гадзін і працягнецца да 20 гадзін. Усім наведвальнікам выдадуць спецыяльную карту з указаннем зон і часу правядзення там мерапрыемстваў для таго, каб можна было адразу выбраць найбольш цікавы для сябе маршрут.
— Праграма будзе вельмі насычанай, і вам захочацца апынуцца адразу ў некалькіх месцах, — паабяцалі арганізатары. — Мы сабралі для нашых гасцей усё самае «смачнае» і цікавае. Зона харчавання, дарэчы, таксама прадугледжана…
Чакаецца, што мерапрыемства наведаюць да 10 тысяч чалавек, таму зараз прапрацоўваецца магчымасць прадаваць білеты анлайн, каб не стаяць у чэргах: для таго каб трапіць на фестываль, трэба будзе купіць білет у Цэнтральны батанічны сад. За навінамі фестывалю можна сачыць у сацыяльных сетках…
Надзея НІКАЛАЕВА