Пакаянне

Ля царквы да мяне падышла жанчына і дрыжачымі рукамі працягнула некалькі спісаных лістоў. Жанчына была ўзрушана, яна пачала гаварыць, што гэта яе крык душы, што яна можа зачытаць радкі, калі не зразумела напісана, і не змагла – слёзы пацяклі з вачэй, а голас заняло…

…Сёлета ў судзе скасавалі наш шлюб. Сямейнаму стажу 31 год. Восем хвілін – і мы сталі чужыя адзін аднаму. Так хутка, так раўнадушна, бы па канвееры. Але што абурацца на абыякавасць да твайго лёсу судовых работнікаў?.. Муж ужо больш за восем гадоў як пайшоў з дому свабодна зарабляць вялікія грошы і траціць іх па сваім разуменні. Дэвізам яго жыцця так і засталося: “Шчасце не ў грашах, а ў іх колькасці”. Калі ўдумацца, то сям’я наша пачала рушыцца значна раней, але мы былі маладыя, не хацелі ўглядвацца ў свае ўчынкі, хацелі жыццё ператварыць у бесклапотнае свята і дзеля гэтага надта стараліся вызваліць сябе ад лішніх клопатаў і праблем. Хацелася атрымліваць задавальненне, а лішнія нахлебнікі нам не былі патрэбныя. Гэта цяпер так жудасна гучыць, а тады так не ўсведамлялася. “Заляцела”, ну і што, пару гадзін – і ты зноў свабодная. Можна піва, цыгаркі, кіно, новыя сукенкі…

Тым больш, што муж заўсёды настойваў на аборце – адна дачка ёсць, хопіць. Да парога бальніцы пад’язджалі на асабістым Мерседэсе, потым прыязджалі на прыгожай “Вольва”, усё багацелі… Зрабіць аборт у той час было наогул справай звычайнай. Так рабілі амаль усе і ніхто з урачоў нікога з жанчын не ўпікаў. Там таксама быў канвеер. Гэта цяпер ахопліваюць дрыжыкі, што гэта быў канвеер з жанчын забойцаў-маці і саўдзельнікаў забойцаў-мужоў. У стэрыльных умовах адрывалі дзіцятку рукі, ножкі, раздраблялі галоўку…  А я моўчкі сядзела ў калідоры, моўчкі чакала сваёй чаргі забіць маё жывое маленькае дзіця…

Не памятаю, як мне дайшло, што так рабіць нельга, але ў чарговы раз, як зацяжарыла, сказала мужу, што рабіць аборт не буду. Ён быў са мною не згодзен. Я нервавалася ўсю цяжарнасць і ў выніку дзіцятка нарадзілася з парокам сэрца. Сынок памёр у год і дзевяць месяцаў. Няхрышчаным. Але ж гэта мы яго не хацелі!..

Зноў цяжарнасць. Я рашуча выстаяла. Нарадзіла сына. Выгадавала, вывучыла на платным аддзяленні. Але працаваць ён не хоча і з вышэйшай адукацыяй. Не патрэбны яму мае парады, настаўленні. Не дапамагае ні ў чым, а дзень і ноч прападае ў камп’ютары. І мне трэба глядзець, як ён добраахвотна гіне ў гэтым электронным лагеры смерці, як безнадзейна чарсцвее яго душа, і адчуваць сябе бяссільнай процістаяць гэтай залежнасці.

Дачка старэйшая замужам. Дзякуй Богу, жывуць. Самі. Дапамогі маёй не хочуць. І парады прапускаюць міма вушэй. Унуку дзевяць месяцаў. Не хочуць і чуць, каб пахрысціць дзіця.

Гадоў дзесяць назад сталі чапляцца  жаночыя хваробы. Стэрыльнасць не дапамагла. Мужу стала непатрэбная, як жанчына. І сёння хвароб цэлы “букет”.

Цяпер я праклінаю той час з абортамі, задавальненнямі і грашамі. Сёння я не здзіўляюся тым пакутам, што на мяне абрушыліся. У мяне ёсць час аплакваць дзяцей, рваць на сабе валасы, але не шукаць віноўнікаў. Жыццё і час паказалі і напомнілі: жыць трэба бліжэй да храма, да дамашняй малітвы, а ад натоўпу – далей.

У нас ёсць храм Божы, я ад яго чэрпаю сілы і Бог дапамагае не здавацца. Мілыя маці, будзем разам маліць Бога паслаць нашым дзецям розум і цнатлівасць, наставіць іх на шлях выратавання, не здзяйсняць забойстваў праз аборты і іншыя цяжкія грахі. Аб гэтым мне сёння хочацца крычаць, бо за ўсе грахі трэба адказваць.

Мала раскайвання ў цяжкіх грахах, іх аплакваць і замальваць буду да апошняга дыхання.

Вікторыя Іванаўна.

Запісала Валянціна БОБРЫК

ivatsevichy.by