Гісторыя аднаго аборту
Гэтая жанчына нясмела пераступіла парог рэдакцыі. Папрасіла аўтара радкоў выйсці з кабінета на пару слоў па сакрэце…
Хударлявая, па вачах – сумленная, сціплая ў адзенні. Яна, як толькі мы зачыніліся ў пакоі для прыёму ежы, адзіным кабінеце, дзе акрамя нас не было больш людзей, блытана спяшалася расказаць пра тое, што яе трывожыла. Ад хвалявання жанчына не ведала з чаго пачаць, прасіла прабачэння на кожным слове.
– Вось прачытала ў газеце, што сёння ўрачы адгаворваюць ад абортаў. А я…, а мяне…
Жанчыне было цяжка. Хоць яна і храбрылася, што так ёй і трэба. Церабіла рукі, але глядзела ў вочы, шукаючы паратунку змучанай душы.
–Я да вас у рэдакцыю даўно іду. Прыеду з вёскі, пачынаю ісці з цвёрдым намерам расказаць сваю гісторыю, мо каму будзе карысць, але… ногі заварочваюць то ў гандлёвік “Тандэм”, то ў аптэку… А сёння вырашыла цвёрда: “Дайду і няхай будзе, што будзе”. І вось дайшла. Прабачце…
Яе душылі слёзы, дрыжалі рукі, яна была, як на Галгофе.
– Я той дзень ніколі не забуду. Усё стаіць у вачах. Спавядалася бацюшку, але лягчэй не стала. Толькі аднойчы папала газета ў рукі, дзе падрабязна раскрывалася сутнасць гэтага граху. Я прачытала некалькі разоў артыкул і толькі тады зразумела да канца, што я нарабіла.
Н. родам з Украіны. Сюды, у наш раён, прыехала за мужам. Маладой сям’і за вясельныя грошы атрымалася купіць хату, абладзіцца з большага, абжыцца. Муж і жонка ўладкаваліся на работу, а ў хуткім часе Н. стала мамай першынца.
– Ведаеце, я неяк хутка зноў зацяжарыла. Бацькі далёка, падказаць, што рабіць няма каму. Першынец быў вельмі неспакойны, усё крычаў, ноччу таксама, ні я, ні муж не маглі знайсці часу абмеркаваць мой стан, бо спалі па чарзе і то ўрыўкамі. Зноў жа доктар не задавала ніякіх пытанняў… Тады не было так, каб адгаворвалі. Аборты рабілі ўсе жанчыны. Канвеер…
І сёння Н. не знаходзіць важкай прычыны для свайго ўчынку. Яе не было, як ні шукай. Сям’я жыла не бедна, грошы былі, бо трымалі сваю гаспадарку, маглі дазволіць купіць сабе і дарагія рэчы. Першынцу Н. была радая, і другога хацела. Толькі… не так хутка. І гэта дробязь падштурхнула жанчыну зрабіць аборт. І не сустрэлася на той момант на жыццёвым шляху такога чалавека, які б яе запыніў, сказаў, што яна надумала дурное.
– Я не адчувала болю фізічнага. Выскраблі пад наркозам, халодную грэлку далі на жывот… Нас запрашалі ў кабінет па чарзе, яна даволі хутка рухалася. Ніхто з жанчын не плакаў, не размаўляў. У той жа дзень я была дома і карміла грудзьмі малога… Казалі, калі корміш, то не зацяжарыш…
Потым была рэчаіснасць. Кашмар усведамлення. Рэальнасць таго жаху, які быў здзейснены. Гэтая рэальнасць расцягнулася на доўгія гады. Н., бы тая непрыкаяная птушка, не знаходзіла сабе месца. У галаве звінела: “Была б дзяўчынка”. А яна так хацела дачушку!.. Барацьба ішла страшная: не хацелася жыць, па начах плакала, стала злоснай, раздражненай…
Паступова боль прытупілася. Н. старалася не думаць, каб жыць. І жаданне нарадзіць зноў стала неабходнасцю.
– Я маліла Бога, каб дараваў. Каб паслаў мне дачушку. Бог літасцівы, паслаў. Маёй Анечцы восем. Яна, як сонейка. Я гляджу на яе і разумею, што Бог дараваў мне мой смяротны грэх. Радуюся майму анёльчыку і ў той жа час ценем думаю, а якая тая б была дачушка, якую я, лічы, сваім рукамі, пазбавіла жыцця. Не, я не плачу ўжо. Я хаджу на работу, святкую новы год, Каляды… Але ўнутры сядзіць згустак болю і свідруе, свідруе душу… не дае самой сабе дараваць таго злачынства.
Мы маўчалі. І што можна было сказаць. Я была не гатовая суцешыць збалелую душу. І толькі цяпер разумею, што жанчыне трэба было сказаць. Бог любіць усіх нас з усімі нашымі недахопамі, немачамі і памылкамі. Ён чакае пакаяння ад кожнага з нас. Бог па любові даруе і нам трэба навучыцца ДАРАВАЦЬ! Дараваць самой сабе, таму што, калі не дараваць сабе, то не даруюць і акружаючыя. Памятаеце: “ …І даруй нам нашы грахі, яко ж і мы даруем”. Дараваць іншым, дараваць каханаму, любімым, блізкім, сябрам, ворагам, прахожым, і таму, хто раптам наступіў табе на нагу. Дараваць – гэта самае галоўнае пасля Любіць. І вельмі складанае. Застаўляць сябе гэта рабіць, доўга, упарта, пакуль рэальна, у імгненне вока, не адчуеш – даравала!
– Калі б мне далі шанец пражыць спачатку сваё жыццё, я б пражыла яго з тымі ж радасцямі і пакутамі… за выключэннем аднаго – я не зрабіла б аборт! Але гэта не можа здарыцца – жыццё не вернеш і нічога не паправіш. Адзінае, на што я спадзяюся, што мая гісторыя дапаможа якой жанчыне справіцца з “жаданнем” навек патануць у слязах, расплачваючыся за “памылкі маладосці”. Мо, хто задумаецца, атрымае той неабходны “штуршок каленам” і, калі будзе выратавана хоць адно чалавечае жыццё, асуджанае на ненараджэнне, то я буду лічыць і свой грэх часткова адмоленым.
Валянціна БОБРЫК
Газета «Iвацэвіцкі веснік» ,13 лютага 2019 г.
Фото pixabay. com