«Вялікага дуба з малым карэннем не бывае»

У дружнай сям’і матушкі Веры (якая да таго ж узначальвае цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля») ва ўсю ідзе падрыхтоўка да Новага года і Раства Хрыстовага. На падваконні стаяць зробленыя з дзеткамі са звычайных паўлітровых слоікаў падсвечнікі. На сцяне — праваслаўны адвент-каляндар з феяй… Пакуль бацюшка не вярнуўся з працы, а дзеці глядзяць мульцікі ды вучаць урокі, мы размаўляем па душах пра сваё, жаночае. Хочацца верыць, што гэтая размова натхніць кожнага з вас не толькі на тое, каб таксама пачаць рыхтавацца да чароўных зімніх свят, але і перагледзець стаўленне да адносін у сваёй сям’і.

10-22

Пра святога Мікалая, санкі і незадаволенага мужа

Штогод раблю адвент-каляндар. Гэта каталіцкая традыцыя, але яна мне вельмі падабаецца. Адвент дапамагае не забыцца пра важныя рэчы. Напрыклад, 19 снежня павесіць на барную стойку шкарпэткі, каб святому Мікалаю было куды пакласці дзецям падарункі. Ведаеце, адкуль пайшла гэта традыцыя? У аднаго ўдаўца было тры дачкі. Паколькі ён не меў грошай выдаць іх замуж, то вырашыў прадаць у публічны дом. Святы Мікалай даведаўся пра гэта і кожнай дачцэ падкінуў мяшэчак з золатам …Кожнаму з нас патрэбен добры дзядуля.

За елку ў нас адказваюць дзеці. Яны бяруць санкі і едуць па яе на кірмаш. 30 снежня, калі пачынаецца традыцыйнае «а давайце прыбярэмся-перасварымся», мы з бацюшкам пакідаем дзяцей упрыгожваць елку, абяцаем па вяртанні штосьці смачненькае, а самі ідзём у кіно.

Раней Новы год сустракалі ўсёй сям’ёй. Але з нядаўняга часу айцец Павел стаў праводзіць начную службу. Бо ў нас у храме шмат самотных людзей. А адзінота ў навагоднюю ноч адчуваецца найбольш ярка. Першага студзеня мы звычайна збіраемся ў маёй мамы і «падводзім вынікі года». Нават у самых маленькіх пытаюцца: «А чаму ты навучыўся? Што зрабіў добрага?» Сёлета мы змайстравалі ёлачку, на якую будзем вешаць шарыкі са сваімі дасягненнямі. Я цалкам падтрымліваю каралеву з «Алісы ў краіне цудаў»: нават каб застацца на месцы, трэба вельмі моцна бегчы. І гэта пастаянны матыў нашых з бацюшкам размоў. Ці рэалізуем мы ўсе здольнасці, што ў нас уклаў Гасподзь? Ці ўсе магчымасці, якія Ён прадаставіў, мы змаглі распазнаць?

 

У хрысціянскім шлюбе пасля Бога ўсе сілы жанчына аддае мужу. Мой бацюшка таксама імкнецца зрабіць так, каб я адчувала сябе шчаслівай. Ён ніколі не спрабаваў пасадзіць мяне дома і прымусіць выключна супы варыць ды прыбіраць цэлымі днямі. Заўсёды бласлаўляе мае ініцыятывы. Я вельмі ўдзячная яму за гэта! Думаю, сакрэт устойлівасці нашага шлюбу ў тым, што ніхто з нас не становіцца перашкодай на шляху развіцця другога.

Жанчыны часта перашкаджаюць прагрэсу сваіх мужчын. У асноўным, калі не падтрымліваюць яго рызыку. Напрыклад, мой бацюшка ў свой час адмовіўся ад фіксаванай зарплаты і сышоў будаваць храм. Іншая магла б спалохацца, сказаць: «Падумай пра дзяцей!» І загасіць мару. Але я мужа падтрымала. Бо лічу: калі мужчына не зробіць, што павінен, калі не будзе рызыкаваць, змагацца, увасабляючы мары ў жыццё, — ён будзе ўвесь час нервавацца і дэпрэсаваць. А то і зусім можа апусціцца ў мужчынскія заганы…

Незадаволены мужчына — гэта міна запаволенага дзеяння. Калі ён адчувае, што не рэалізаваўся, то пачынае шукаць праблемы ў жонцы ці ў дзецях. І ад гэтага будуць пакутаваць усе. Таму лепш няхай тата будзе шчаслівы.

Пра выпускны баль, цнатлівасць і сачавічны суп

Я вучылася ў жаночай гімназіі. Калі прыйшоў час выбіраць кавалера для выпускнога балю, звярнулася да Пашы. Я яго ведала з дзяцінства, ён жыў у суседнім двары. З таго балю і пачалося наша сяброўства. Я спявала ў царкоўным хоры, і Павел часта мяне праводзіў, сустракаў. Аднойчы мой духоўнік сказаў, каб я запрасіла свайго маладога чалавека зайсці ў царкву. Да сустрэчы са мной ён не быў уцаркоўлены.

Маім бацькам было важна, каб я атрымала адукацыю і захавала цнатлівасць да шлюбу. Калі я прыйшла з маладым чалавекам дадому, мама з татам адразу запыталіся: «Калі вяселле?». Праз месяц яны зразумелі, што мы не збіраемся расставацца, і пайшлі знаёміцца з Пашынымі бацькамі. Думаю, гэтая пазіцыя паўплывала на тое, што ў нас з сястрой моцныя сем’і. Ужо нават даказана, што, калі да шлюбу ў жанчыны быў адзін партнёр (нават калі гэта той чалавек, за якога яна выйшла замуж), устойліваць сям’і зніжаецца з 80 да 54%.

Большасць жа сямейных сцэнарыяў маюць устаноўку на грошы, на «нагуляцца да вяселля» (а не на адказнасць за зачатае дзіця), на «колькі іх яшчэ ў цябе будзе» (а не на вернасць і цнатлівасць), на «прынясеш у падоле — заб’ю», «наш сыночак добры, гэта ваша дачка прыдбала, і наогул, гэта не ад яго дзіця». Часта пасля лекцый да нас падыходзяць дзяўчаты і прызнаюцца, што валанцёры «Матулі» — першыя дарослыя, якія кажуць ім пра цнатлівасць і вернасць як норму, абавязковую ўмову для шчасця ў сямейным жыцці.

 

Дзеці нас з мужам называюць на «вы». Гэта свядомая пазіцыя. Перанялі мы яе ў адной украінскай святарскай сям’і. Калі чую, як чужыя дзеці на сваіх бацькоў павышаюць голас, — мне робіцца неяк не па сабе. Сказаць «мама — вы дура», пагадзіцеся, гэта вельмі пяшчотна гучыць (усміхаецца).

Пост — рэч добраахвотная. Нашы дзеці ў школе не посцяць. Лічу няправільным абавязваць іх ісці супраць усяго калектыву толькі таму, што бацькі так вырашылі. Дома ў пост мы мяса не ядзім. Кажуць, навучы дзяцей утаймоўваць чэрава, і яны, калі вырастуць, змогуць утаймоўваць жарсці. Гэта праўда. Я сама расла ў веруючай сям’і. Мы заўсёды рыхтаваліся да свята, пасцілі. Для мяне гэта вельмі трапяткія, сакральныя ўспаміны.

Некалькі гадоў таму я нават выдала памятку «Святочны пост з матушкай Верай». Сабрала там рэцэпты посных страў «на хуткую руку». Мае дзеці, напрыклад, любяць суп з сачавіцы, я вельмі рада, бо гэта раслінны бялок. Наогул мы аддаём перавагу простай ежы. Але гэта не значыць, што ў нас аднастайнае меню. Я раблю за адзін раз кучу нарыхтовак-заправак для каш, блінчыкаў, варэнікаў — падсмажаныя моркву з цыбуляй, капусту з грыбамі, адвараныя бурачкі… Ва ўсіх розныя густы.

Я з дзяцінства наведвала царкву, і для мяне гэта была душэўная патрэба. Бачу, што ў маіх дзяцей пакуль — не. Хоць у ідэале я, вядома, хацела б іншага. Мы жывём далёка ад прыхода, дзе служыць мой муж. На іншым канцы горада. Калі дзяцей было трое, то мы штотыдзень іх вазілі на службу. Пяцярых складаней арганізаваць (сабраць, адзець). А мне вельмі не хочацца, каб паход у царкву ўспрымаўся не як свята, а як стрэс для ўсіх. Разам з тым дзеці не пазбаўлены задавальнення слухаць нашы з мужам рэлігійныя размовы. Любяць, калі я ім апавядаю розныя біблейскія гісторыі.

Пра пасляродавую дэпрэсію, зацяжны дэкрэт і Ваню, якому напляваць

Пасля першых родаў я перажыла дастаткова адчувальны крызіс, бо не змагла выкарміць дзіця грудным малаком. У мяне ўпала самаацэнка. Я такая ўся разумная (аспірантка) і духоўная (жонка святара) — і аказалася зусім не гатовая ні да малога, ні да сябе — такой стомленай і дэпрэсіўнай. І я пачала шукаць, дзе б мяне зразумелі і дапамаглі. Такога месца не знайшла, таму стала ствараць яго сама. Так пры нашым прыходзе з’явіўся цэнтр «Матуля».

Падтрымліваючы іншых мам, знаходжу адказы і на свае пытанні. Жанчыне ў такім зацяжным дэкрэце, як у мяне, не выпадае чакаць, калі ён скончыцца, для ажыццяўлення сваіх мар. Прыходзіцца вучыцца сумяшчаць. Балазе, у мяне цудоўныя бацькі, свякроў, сястра, выдатны муж, якія бяруць частку клопатаў пра дзяцей на сябе (дарэчы, для гэтага жанчыне трэба быць пакорлівай і ўдзячнай). Недарэмна кажуць, што вялікага дуба з малым карэннем не бывае.

Мы не толькі дапамагаем так званым «крызісным цяжарным». Ставім перад сабой больш глабальную задачу — аднаўленне культуры мацярынства. У прыватнасці, абучаем пары сімптом-тэрмальнаму метаду распазнання плоднасці. Сутнасць у тым, што ў працэсе назірання за сабой і сваім арганізмам жанчына разумее, калі яна можа зацяжараць. І яны з мужам удваіх прымаюць рашэнне: мы ўстрымліваемся цяпер ці ідзём на магчымасць зачацця.

Адзін святар, слухаючы маю лекцыю, усклікнуў: «Як жа я змагу ў сябе ў вёсцы расказаць пра метад, калі «Ваню» напляваць, што ў «Мані» плодныя дні і ўжо 6 дзяцей — ён выпіў і патрабуе ад жонкі выканання сужэнскіх абавязкаў». І гэта, на жаль, горкая праўда! Як можна пасля такога гаварыць пра сям’ю як малую царкву?

У Евангеллі ад Матфея мяне заўсёды кранала тое, як пісалася радаслоўная Ісуса: Абрам нарадзіў, Ісак нарадзіў… Цяпер рэдка можна знайсці пару, у якой клопаты пра дзяцей і рашэнні пра іх колькасць нясе не толькі жонка, але і муж. За ім толькі катэгарычнае патрабаванне аб аборце ці выкарыстанні сродкаў кантрацэпцыі, якія проста калечаць жанчыну.

Нікому не трэба даказваць, што пазбаўленне жыцця чалавека, якому некалькі гадзін ад зачацця — забойства. А гэта ж адбываецца пры выкарыстанні спіралі, гарманальных таблетак, кольцаў, імплантантаў. А многія жанчыны пра гэта і не падазраюць. І няхай вытворцы і гінеколагі пераконваюць у адваротным — пачытайце інструкцыі: у кожным з гэтых сродкаў ёсць функцыя: «прадухіленне магчымасці імплантацыі плоднага яйка ў эндаметрый». А гэта і ёсць аборт. Маецца і іншая група — неабартыўных кантрацэптываў: мазяў, геляў, прэзерватываў. Гэтыя метады не забіваюць зачатага, але не бясшкодныя. Некаторыя з іх уплываюць на здароўе жанчыны (а адпаведна — і на яе будучых дзяцей), мяняючы яе гарманальны фон, пагаршаючы флору. Самае разумнае — устрымлівацца ў тыя дні, калі жонка можа зацяжараць.

Пра небяспечныя дні, «залётную» цяжарнасць і дзіця з батонам4406

Думала, маладыя сем’і ўзрадуюцца і пабягуць да мяне вучыцца гэтаму метаду. Але ў асноўным прыходзяць пары з паніжанай плоднасцю, якія хочуць стаць бацькамі (па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, метад распазнання плоднасці дазваляе адчуць шчасце мацярынства і бацькоўства 80-ці парам са ста). На жаль, часта вельмі позна. Калі яны ўжо прапілі гарманальныя, схадзілі на некалькі ЭКА. Я ўжо стала адразу на першай лекцыі гаварыць пра ўсынаўленне. «Можа, Гасподзь дасць вам дзіця пасля ўсынаўлення, але ж вы не страціце час». Нядаўна прыходзіла жанчына, якая 5 ЭКА зрабіла. Ды за гэтыя грошы яна магла б 10 гадоў таму ўсынавіць дзіця і штолета ў Егіпет усёй сям’ёй ездзіць адпачываць.

Царква дрэнна ставіцца да ЭКА. У жанчыны бяруць 10-20 яйцаклетак, і ўсе апладняюцца. Падсаджваецца ж ад дзвюх да шасці. Што адбываецца з астатнімі? Яны ці замарожваюцца (або ідуць на доследы), ці проста выліваюцца ў каналізацыю! Але ж гэта ўжо дзеці, хоць яшчэ зусім маленькія. Царква не можа такое бласлаўляць. Не кажучы ўжо пра рэдукцыю, калі з ужо падсаджаных дзяцей, якія прыжыліся ў маме, адбіраюць жаданую колькасць, а астатніх забіваюць.

Калі падчас цяжарнасці майму дзіцяці паставілі падазрэнне на сіндром Даўна, муж сказаў: «Будзем нараджаць, ён што — не ад Бога, ці што?» Словамі не перадаць, што я перажыла ў першыя гадзіны. А потым мяне асяніла простая і грандыёзная думка: усё ў руках Божых, і, вядома, — жыццё майго малога. Мая справа не працівіцца Яго волі, а аказаць новаму чалавеку, які б ён ні быў і які б маленькі тэрмін у мяне ні гасціў, годны прыём. Дзякуй Богу, дзіця нарадзілася здаровенькім. І я вырашыла, што больш на раннюю дыягностыку не пайду. Не хачу, каб дзіця атрымлівала з маёй крывёй негатыўныя гармоны, якія будуць блакіраваць яго развіццё.

На жаль, па-ранейшаму «а можа ды няхай (пранясе)» — нашыя галоўныя богі. Цяжарнасці ў нас «залётныя»; дні, у якія жанчына можа зацяжараць, — «небяспечныя»… А пасля гэтага мы яшчэ здзіўляемся, калі чуем, што ў Беларусі штодня забіваецца ў матчыным чэраве ў сярэднім 101 дзіця…

Займаючыся перадабортным кансультаваннем, размаўляючы з мамамі-татамі-бабулямі-дзядулямі, якія хочуць адмовіцца ад дзіцяці-ўнука, я заўважыла ў іх поўнае знясіленне любові. У людзей не толькі для іншых, для сябе няма энергіі! Але сакрэт у тым, што з дзіцем Бог дае і рэсурс. Ёсць жа прыказкі «Калі дзіця на свет прыходзіць — новы кусок хлеба родзіць» і «Кожнае новае дзіця прыходзіць з батонам пад пахай». Гэта не толькі матэрыяльныя даброты, гэта і рэзерв любові для бацькоў.

  4364 Калі мама прывяла дачку на аборт, у нас, псіхолагаў, шанцаў няма. Гэта муж можа не разумець, што такое аборт і якую траўму атрымае жанчына. Калі ён яе кахае, то хутчэй за ўсё перагледзіць сваё стаўленне. Маці ж нічога і слухаць не хочуць, гавораць, як мантру: «Я гэта перажыла — значыць, і ты перажывеш». Такая вось сямейная абартыўная традыцыя…

Жанчынам, якія не могуць зацяжараць пасля таго, як зрабілі аборт, трэба пакаяцца. Акрамя таго, каяцца трэба і тым, хто прымаў гарманальныя кантрацэптывы, або ўжываў ўнутрыматачную спіраль. Бо, як я ўжо казала, гэта абартыўныя сродкі, а аборт — смяротны грэх. Таксама вельмі часта бывае, што жанчына не можа зацяжараць, а потым аказваецца, што яе маці калісьці рабіла аборт. Тады і маці павінна пакаяцца. Бо на духоўным узроўні дачка можа расплачвацца за яе грахі.

…Як я стаўлюся да касметыкі? Я ж не магу сказаць, што дрэнна, вы ж бачыце, што сама цяпер трошкі падфарбаваная (усміхаецца). Калі я прыходжу да чыноўнікаў у доўгай спадніцы ў вобразе кормячай маці з гулькай, мяне проста не бачаць і не чуюць. Таму я на працы пачала карыстацца касметыкай і насіць больш свецкую вопратку. Жанчына створана для таго, каб упрыгожваць сусвет, гарманізаваць прастору вакол сябе. І калі ёй у гэтым дапаможа касметыка і прыгожае адзенне — чаму не?10-23

Аўтар: Надзея ДРЫЛА

Фота:  Надзея БУЖАН

zviazda.by

Рубрики: Семья
Рейтинг@Mail.ru Яндекс.Метрика Яндекс цитирования
© 2017 Пролайф Беларусь. Все права защищены. XHTML / CSS Valid.
Разработано учреждением "Доброжитие"