«Любоў мусіць быць строгай!» Народная педагогіка ў сучаснай выхаваўчай прасторы

З’яўляючыся неад’емнай часткай традыцыйнай культуры, народная педагогіка арганічна грунтуецца і глыбока ўваходзіць ва ўсе сферы культуры – агульначалавечай і нацыянальнай, матэрыяльнай і духоўнай, сацыяльнай, бытавой, эстэтычнай, экалагіічнай, культуры мыслення, пачуццяў, паводзін. Няма ні аднаго аспекту жыццядзейнасці чалавека, у які б яна не пранікала і якога б яна не выкарыстоўвала. Таму ў год, аб’яўлены годам культуры, вельмі актуальна паразважаць аб магчымасцях выкарыстання народнай педагагічнай мудрасці ў сучаснай выхаваўчай прасторы.

Памятаю, як у далёкім дзяцінстве суседка, бабка Хрысціна, навучала маю маці, як трэба выхоўваць дзяцей: «Ты, галубка, меней упадуй перад імі. Дзяцей трэба любіць так, каб яны не заўважалі гэтага. З аднаго два не будзе. Не шкадуй дубцом шмаргануць, каб ведалі: слова маткі – закон!» Год праз сорак, ужо ў новым тысячагоддзі, іншая бабулька распавядала мне пра асновы сямейнага выхавання: «Любоў мусіць быць строгай! Разумны бацька на самацёк не пусціць, як і Бог наказаннем напраўляе на шлях ісціны…» [7]. У пацвярджэнне гэтых высноў можна дадаць з дзясятак вядомых народных прыказак: «Любі як душу – калаці як грушу!» [7], «Вучы слаўцом –напраўляй дубцом» [7], «Каго не білі, таго не любілі» [7], «Дасі дзецям волю – адбярэш долю» [8, с. 21], «Гні палазы, пакуль гнуцца – вучы дзяцей, пакуль паддаюцца» [7], «Хто дзяцей балуе, горку долю гатуе» [7]. Далёка не з усімі падобнымі сцвярджэннямі можна пагадзіцца. Але ж, на жаль, многія толькі з гэтым і звяваюць асновы традыцыйнага выхавання. Тым не менш, сама народная педагогіка дае шмат іншых высноў: «Не вучы дубцом, а вучы слаўцом» [1, с. 85], «Разумны баіцца ківа, а дурны не баіцца і кія» [7], «Ад дубца дурэюць, а ад слаўца разумнеюць» [7], «Не крычы, а навучы» 1,  «Гнуць гні, ды не зламі» [7]. Сапраўды, да ўсяго ў жыцці трэба падыходзіць разважліва, з розумам, асабліва, калі гэта датычыць найважнейшай жыццёвай функцыі – выхавання дзяцей.

Мэта любой выхаваўчай сістэмы – падрыхтоўка чалавека да жыцця як сем’яніна, працаўніка, творцы, грамадзяніна. У аснове выхавання – клопат аб прадаўжэнні роду і вялікая любоў да нашчадкаў. Беларусы заўсёды ўспрымалі дзяцей як дар Божы і вялікае шчасце: «Багаты Аўдзей: поўна хата дзяцей» [4, с. 114], «Дзе дзяцей лава, там бацькам слава» [7]. Лічылася, што для стварэння належных умоў выхавання у сям’і павінна быць не менш трох дзяцей: «Адно дзіця – не дзіця, двое – паўдзіцяці, а толькі трое – дзіця» [4, с. 114]. Людзі заўважалі, што аднаго выхоўваць цяжка: «Адзін сын да сівых валасоў дзіцятка» [7], «Адзін – не людзін» [7],  «Ён у іх адзін – залізаны, пшанічны, сахарны, пышны, смятаннік…» [7]. Калі сям’я была беднай, а дзяцей нараджалася занадта многа, то нярэдка можна было пачуць асуджальнае: «Сыплюцца, як боб з рванай торбы» [7], «Без штаноў Мацей, а поўна хата дзяцей» [7],  «Дзеці рукі звязалі» [7]. Але і тут людзі часцей згадвалі, што на ўсё Божая воля: «На кожны раток дае Бог кусок» [4, с. 114], «Чалавек раіць, а Бог знаіць» [7], «Сонца ўсім свеціць» [7], «Дае Бог дзяцей, дасць ім і долю» [7]. «Адна пчала многа мёду не наносіць» [1, с. 95]. І хоць нашы продкі, у асноўным, былі малаадукаванымі, але добра ведалі хрысціянскія законы жыцця: «Трэба жыць з Богам», таму прасілі для сябе і сваёй сям’і: «Дай, Божа, каб мае жаданні з Тваімі планамі супадалі!»

Галоўная каштоўнасць простай народнай педагогікі ў яе непарыўнай і арганічнай сувязі з жыццём. Напэўна, ніхто ў даўнейшыя часы асобна не вызначаў задачы выхавання – людзі проста жылі, і само жыццё выхоўвала іх [6, с. 21]. Але пры гэтым нашы продкі ставіліся да выхавання вельмі адказна, з вялікай увагай вызначаючы свой час на ўсё: «Да трох год дзіця як яечка, да сямі як авечка, а з сямі – навучай ды к працы прывучай!» [4, с. 117].  Гэта азначае, што да трох год дзіцятка песцілі, «з рук не спускалі»; пасля трох годзікаў давалі волю, але «пасвілі, як авечку»; з сямі ж год дзіця выхоўвалі больш строга: давалі пасільныя хатнія абавязкі, прывучалі да працы.

Першай і самай галоўнай кнігай, якую адкрывае чалавек і якую свядома ці падсвядома сотні разоў за сваё жыццё перачытвае, настаўленнямі якой сілкуецца, з’яўляецца  кніга жыцця яго бацькоў. І тут вельмі важна, якімі каштоўнасцямі жыве сям’я, што пакладзена ў аснову яе жыццядзейнасці і ўзаемаадносін, ці змогуць бацька і маці сваім асабістым прыкладам падараваць дзецям здольнасць быць шчаслівымі. Спакон веку нашы продкі добра разумелі гэта, можа таму і не перакладвалі адказнасці за выхаванне дзяцей ні на царкву, ні на школу, ні на кагосьці з родзічаў.  «Якое дрэва, такі і клін – які бацька, такі і сын» [3, с. 149], «Яблык ад яблыні далёка не коціцца» [1, с. 84], «Які род, такі і плод» [1, с. 84],  «Бацька – рыбак, і дзеці ў ваду глядзяць» [7], «Гадавала сава дзеці, а няма на што глядзеці» [7], «Якія самі, такія і сані» [3, с. 148],  «З дурнога куста і ягада пуста» [3, с. 132], «Якога разумнага таткі сыночак! Якой навучонай мамкі дачушка!» [7]  – трапней не скажаш. Народ падкрэслена вылучае адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей: «Не дагледзіш вокам – вылезе бокам», «Чужы дурань – смех, а свой – сорам» [3, с. 147]. Нават такая, здавалася б, непедагагічная прымаўка «Абы ўмела добра танчыць, а рабоце гора наўчыць» [7] – і яна прымушае чалавека задумацца: калі сам не навучышся працаваць, то гора будзе вучыць. Каму хочацца, каб яго гора вучыла жыць?

Пра дзяцей, якіх бацькі своечасова не прывучылі да дысцыпліны, гаварылі: «незаганяны», «адвязаны», «дзе хоча, там і пасецца». Чалавек вольны выбіраць: «Ступіў за парог, а там сем дарог», «У чыстым полі чатыры волі». Але трэба памятаць: тое, што часта здаецца «воляй», і ёсць сапраўднае рабства. Або ты трымаеш сябе ў дысцыпліне і жывеш у суладдзі з Богам і людзьмі, або ідзеш «лёгкай» дарогай у жыццёвае бязладдзе і «мукі вечныя» – «Вольнаму воля, а спасёнаму – рай!» Нашы продкі былі глыбока перакананымі ў існаванні «жыцця вечнага» і заўсёды памяталі аб часовасці зямнога быцця: «Думы за гарамі, а смерць за плячамі» [3, с. 167]. Менавіта памяць пра Бога і вечнасць давала чалавеку сілы ў пераадоленні жыццёвых цяжкасцей, настаўляла яго на сумленнае жыццё, на адказнае стаўленне да сябе і іншых людзей.

«Сябе трэба ў яжовых рукавіцах трымаць, – часта паўтарала тая ж бабка Хрысціна з майго далёкага дзяцінства і ўдакладняла: – Сэрцу трэба вера, а целу – мера». Пра чалавека слабавольнага, які згубіў меру і кідаўся ў п’янку, гулянку ці іншыя заганы, казалі са шкадаваннем: «Раз’ехаўся, як старэчая торба» [7], «Сам сабе не гаспадар» [7],  «Не мае ўлады над сабой» [7],  «Пусці – павалюся!» [7]. І людзі сапраўды стараліся «трымаць сябе ў руках»: строга выконвалі пасты, прытрымліваліся многіх абмежаванняў дзеля той самай улады над сабой. Вось адзін з такіх прыкладаў, сэнс якога зараз, у наш прагматычны час, зразумець вельмі не проста. У дзяцінстве, яшчэ зусім малым, захварэў і памёр мой старэйшы брат. Па мясцовай традыцыі (не з’яўляецца царкоўнай, але і не супярэчыць прынцыпам хрысціянскага жыцця) жанчыны, у якіх паміралі дзеці, да Спаса не елі яблыкаў. На поўдні Беларусі, дзе мы тады жылі, яблыкі-жніўкі паспявалі рана, і мы, малыя, кожны дзень калацілі іх – сакавітыя, смачныя. Так хацелася, каб і мама пасмакавала, але яна ніколі не парушыла сваё правіла: «Не, сынок, я не магу. На Спаса будзе Бог на тым свеце дзеткам яблычкі раздаваць, а нашаму Васільку скажа: «А тваё свіння з’ела» – трэба пацярпець…» Сэрца напаўнялася жалем. І толькі з гадамі прыходзіць разуменне, як гэтая простая, нават у нечым наіўная, сялянская жыццёвая шчырасць змалку навучала клапаціцца і пра жывых, і пра тых, хто адышоў у вечнасць. А яшчэ давала падсвядомыя асновы пяшчоты і любові да бацькоў за іх самаахвярнасць і па-дзіцячы шчырую духоўнасць. Асабліва маці ва ўсім была прыкладам цярпення, дысцыпліны, працавітасці, разважлівай мудрасці і мацярынскай велічы. Гледзячы на маці, дзяўчынкі марылі пра сваю сям’ю з дзеткамі і рыхтавалі сябе да пачэснай мацярынскай ролі: забаўлялі малодшых братоў і сясцёр, спявалі ім калыханкі, расказвалі казкі, пацешкі, паданні. Для хлопчыкаў такім жа ўзнёслым прыкладам па жыцці быў бацька – мудры, дужы, працавіты. Да ролі бацькі таксама рыхтавалі змалку: прывучалі да працы, да адказнасці за ўсё, што гаворыш і робіш, выхоўвалі цярплівасць і мужнасць. Калі хлопчык нечым параніўся, ніколі не «божкалі» над ім, а прыгаворвалі: «Пакуль жаніцца – усё загаіцца» [7]. Калі выпраўлялі ў дарогу (на службу, вучобу ці яшчэ куды), то, з гумарам суцяшаючы тых, хто хваляваўся: «Як жа ён там будзе?», гаварылі: «Што ўсім людзям, тое і цётчынаму сыну» [7].

У рэгуляцыі дзіцячых паводзін найчасцей  выкарыстоўваліся забарона, угавор, парада, пахвала, радзей – усхваленне і пакаранне. Наш народ заўсёды стрыманы на пахвалу: «Свайго не хвалі, няхай людзі пахваляць» [1, с. 94], «Пахвала перш ірдзіцца, а затым гардзіцца» [7], «Пахвальбе ўшчувай, ды к сэрцу не прымай» [7],  «Хвалёнага гарманіста зайграць не дапросішся» [7]. Нават таго, хто любіў пахваліць іншых, часта абсякалі: «Ільсцівы язык пахваліць прывык» [7],  «У вочы хваліць ахвочы» [7],  «Мяккім языком добра міскі лізаць» [7].  

Калі ж гаварыць пра пакаранне, то гэта не заўсёды «розга», існуе і шмат іншых спосабаў: давалі дадаткова нейкую «нудную» працу (перабраць боб, скласці дровы, прапалоць градку, сцерагчы проса ад вераб’ёў, пасвіць свіней і г.д.); забаранялі апранаць штосьці новае («Новую сарочку надзенеш, як паразумнееш» [7]); не пускалі меншых пагуляць з сябрамі на вуліцу, а большых – на вячоркі; не дазвалялі штосьці з таго, чаго дзіцяці вельмі хацелася. Рэдка ставілі ў куток або лупцавалі і ніколі не каралі ежай. Выгнаць з-за стала маглі, калі дзіця дрэнна сябе паводзіла і не рэагавала на заўвагі. Але потым, як бы ўпотай ад таго, хто выгнаў (часцей бацькі), хтосьці (бабуля, маці, сястра, брат) ціха прыносіў «пастрадаўшаму» чаго-небудзь паесці.

Сям’і з дрэннай родавай рэпутацыяй было складана ажаніць сына, а тым больш выдаць дачку замуж. За рэдкім выключэннем, дзяцей мералі па бацьках: «Як добрае семя, дык і добрае племя» [4, с. 124], «Па роду і куры чубатыя» [4, с. 124].  Ведаючы, што «добрая слава ззаду ляжыць, а дурная наперад бяжыць» [7], людзі стараліся «не выносіць з дому смецце», па крупінках збіралі добрую славу для свайго роду. Заўсёды мелі высокі рэйтынг сем’і з цвёрдымі маральнымі ўстоямі, фізічна здаровыя, працалюбівыя і майстравыя. Цанілася сціпласць, стрыманасць, уменне ладзіць з суседзямі і вяскоўцамі. Не на апошнім месцы былі і культурна-бытавыя якасці: уменне спяваць і танцаваць, чыстаплотнасць і здатнасць да ўпрыгажэння жытла, уменне смачна гатаваць ежу, своечасова і прыгожа падаць на стол.

Добра разумелі нашы продкі сэнс евангельскага папярэджання, што дом, пабудаваны на пяску, не ўстаіць [Мф. 7:26-27]. Таму спакон веку ў падмурку сямейнага ладу, сістэмы выхавання і падрыхтоўкі моладзі да будучага сямейнага жыцця грунтаваліся шэсць непахісных асноў:

  • вера і глыбокая пашана да святыні;
  • аўтарытэт бацькоў і падкрэсленая павага да дарослых;
  • цнатлівасць (целомудрие), духоўная і фізічная чысціня як аснова здароўя сям’і, сапраўднага кахання і шчасця;
  • працавітасць і працалюбства, адносіны да працы як да найвялікшай вартасці, без якой няма жыцця;
  • дысцыпліна жыцця, у аснове якой размераная і дакладная цыклічнасць дня, тыдня, года;
  • радасць жыцця (працы і свята) з цудоўнай сямейнай і каляндарнай абраднасцю, сугучнай гадавому колу хрысціянскага календара.

Вера – найважнейшая аснова жыцця: «Без веры чалавек сляпы і глухі» [7],  «Хто веру мае, той страху не знае» [7],  «Якая вера, такая і мера» [7], «Без Бога ні да парога» [7]. Нельга не пагадзіцца, што шчасце чалавека залежыць ў большай ступені ад яго ўнутранага стану, чым ад знешніх умоў жыцця. На пытанне фарысеяў: «Калі прыйдзе Царства Нябеснае?» – Хрыстос адказаў: «Царства Нябеснае ўнутры вас ёсць» [Лк. 17:20-21]. Ад духоўнага стану чалавека, абумоўленага яго светапоглядам і каштоўнаснымі арыентацыямі, залежыць сэнс і змест жыцця. Менавіта духоўны стан дыктуе матывацыю ўчынкаў, стыль паводзін і ўзаемаадносін з іншымі людзьмі.

У кожнай сям’і з малаком маці  ўпітвалася павага да святыні. У хаце абавязкова быў чырвоны кут, які ўбіраўся прыгожымі набожнікамі, фіранкамі, стужкамі. Ручнікі з ікон ніколі не мылі разам з іншай бялізнай і ніколі імі не выціралі рук, нават старыя і зношаныя, не выкарыстоўвалі на гаспадарчыя патрэбы; іх або спальвалі, або «пускалі на бягучую ваду» [7].  Звычайны хлеб, не кажучы пра царкоўны (просвіру ці артас), шанавалі як святыню. Калі здаралася, хто ўпусціць хлеб на падлогу, то тут жа хуценька падхопіць яго, папросіць прабачэння і пацалуе акрайчык.

Хрысціянская Царква заўсёды нагадвала чалавеку аб яго велічы, і чалавек разумеў, што ён падобны Богу свабоднай воляй, дарам слова, уменнем тварыць і любіць. Усе гэтыя дары ён стараўся пранесці па жыцці так, каб у канцы зямнога шляху «мірна і непастыдна» адысці ў вечнасць.

У аснове аўтарытэту бацькоў заўсёды былі іх узаемаразуменне, павага адзін да аднаго і любоў. Ведаючы сапраўдны сэнс слова «любоў», людзі рэдка выкарыстоўвалі яго. Часцей пыталіся: «Ты мяне шкадуеш?» І так, не выстаўляючы напаказ свае пачуцці, жаніліся з разуменнем разважаючы, што знешняя прыгажосць не галоўны крытэрый: «З тварам да вянца, а з розумам да канца» [3, с. 133], «Краса прыглядзіцца, а розум прыгадзіцца» [1, с. 81]. Пасля вяселля няма каго вінаваціць: «Жаніўся на скорую руку – на доўгую муку» [1, с. 81], «Які Хомка, такая і жонка» [3, с.148], «Як не бачу – душа мрэ, як убачу – з душы прэ» [3, с.149], «Як муж з жонкай сварыцца – ў гаршку трасца варыцца» [7], «Дзе дружна, там хлебна» [1, с. 95].

З цягам часу, па слову Евангелля, муж і жонка сапраўды станавіліся адным целам. У доказ гэтага існуе мноства гістарычных прыкладаў, калі мужа ранілі ці забівалі на фронце – жонка за сотні кіламетраў ад яго губляла прытомнаць ад болю. Такая ж моцная духоўная сувязь (да фізічнага адчування) была і ў маці з дзецьмі. Таму і кажуць: «Мацярынская малітва з дна мора дастане» [7],  «Як маці скажа, так Бог і зробіць» [7],  «Дзе мудрая маці, там лад у хаце» [7].  

Маральныя прынцыпы беларусаў, іх высокія патрабаванні да чысціні ў адносінах паміж хлопцам і дзяўчынай да шлюбу больш за ўсё засведчаны ў вясельных абрадах. Так падчас пасаду – абрад блаславення жаніха і нявесты на шлюб – маладых садзілі на хлебную дзяжу, якая сімвалізавала багацце і шчасце. Той, хто не збярог цнатлівасці, не мог садзіцца на дзяжу, бо баяўся наклікаць бяду на будучую сям’ю. Вельмі рэдкімі былі такія выпадкі, калі нехта з маладых адмаўляўся ад пасаду. Усе добра ведалі, што сапраўднае каханне можа ўзрасці толькі ў чыстым сэрцы. Толькі таму, хто зберажэ сябе ў чысціні, усе страты і цяжкасці жыцця, усе затрачаныя сілы і  ахвяраванні акупяцца ў сямейным жыцці ў тысячы разоў – павагай людзей, шчасцем высокага кахання і прыгожых узаемаадносін, радасцю бачыць такіх жа шчаслівых, годных дзяцей і ўнукаў.

Багатая і разнастайная народная лірыка кахання простай, цудоўнай мовай перадае нам пачуцці невымернай глыбіні. Закаханыя хлопец і дзяўчына ў свядомасці народа вызначаюцца не толькі чалавечай прывабнасцю, але і высакароднасцю духу. Прыгожы і паэтычны вобраз, чулы і спагадлівы, шчыры і даверлівы, для якога цнатлівасць і вернасць – аснова жыцця, можа быць сапраўдным прыкладам для выхавання сучаснай моладзі.

Важнейшымі крытэрыямі ў народным уяўленні ідэала асобы можна па праву лічыць працавітасць, стараннасць і ўмельства: «Не той харошы, хто знешне прыгожы, а той харошы, хто да справы гожы!» [4, с. 139], «Хто з работай дружыць, той жыве і не тужыць» [1, с. 86].  Праца – ядро народнай педагогікі, грунт сямейнага выхавання. Дзіця з першых сваіх дзён, пачынаючы знаёмства з навакольным светам, бачыла, як працуюць бацькі, чула песні, якія суправаджалі іх працу, і засвойвала працоўныя навыкі і традыцыі свайго народа.

Вялікую ролю ў сямейным укладзе і выхаванні адыгрывае дысцыпліна жыцця. Сям’я з традыцыйным укладам строга трымалася іерархіі ва ўзаемаадносінах і размеранай, спакойнай цыклічнасці ў паўсядённым жыцці. Ніхто і ніколі не садзіўся есці асобна. Кожны дзень, і ў будні, і ў святы, на снеданне, абед і вячэру накрываўся агульны стол, за які пасля сумеснай малітвы сядалі ўсе: ад старога да малога. Як гэта важна для еднасці сям’і, яе мірнага духу, яе шчасця!

Дзякуючы народнаму каляндару, які апіраецца на гадавое кола царкоўных святаў, жыццё ад нараджэння да смерці напаўнялася таямнічым, высакародным сэнсам і было цікавым і змястоўным. Менавіта адчуванне свята, чаканне яго і ўдзел у ім давалі нашым продкам духоўныя сілы, абуджалі радасныя эмоцыі і стваралі добры настрой.

На базе ДУА «Вілейская гімназія №2» амаль дзясятак год паспяхова рэалізаваліся інавацыйныя праграмы сацыяльна-педагагічнага праекта «Этнашкола», якія давалі магчымасць навучыцца не толькі спяваць, танцаваць, прыгожа сказаць трапнае слова, але і традыцыйным рамёствам: саломапляценню, лозапляценню, ткацтву, вышыўцы, вязанню, выцінанцы, многаму іншаму. Намі назапашаны багаты вопыт выкарыстання народнай педагогікі і лепшых здабыткаў традыцыйнай культуры беларусаў, якія нясуць у сабе чыстую ідэю беларускасці з яе талерантнасцю і цярплівасцю.

Зараз у гімназіі працуе дзіцячы фальклорны калектыў «Чабарок», які з’яўляецца пераемнікам традыцый этнашколы. Часта наладжваюцца вечары народнага танца, майстар-класы, сустрэчы з фалькларыстамі, цікавымі музыкамі, тэатрам «Батлейка». На такія мерапрыемствы збіраюцца не толькі педагогі і вучні гімназіі, але і многія зацікаўленыя віляйчане, госці з Мінска і іншых гарадоў.

Прайшоў час, змянілася жыццё, памяняліся людзі, вобраз іх мыслення і стыль паводзін. Мы ніколі не вернемся да мінулага традыцыйнага ўкладу жыцця, але мы можам выхоўваць нашых дзяцей народнай мудрасцю, якой так багаты нашы калыханкі, казкі, песні, прыказкі, прымаўкі, народны гумар. Мы можам вучыць іх па добрай народнай традыцыі ствараць прыгожыя і карысныя рэчы ўласнымі рукамі, разумець адвечныя паняцці прыгажосці і гармоніі, імкнуцца да еднасці з Богам, прыродай і людзьмі, жыць прыгожа, мірна і радасна.

Літаратура

 Арлова, Г.П. Народная педагогіка ў выхаваўчай рабоце школы / Г.П. Арлова. – Мінск: ГВЗАТ «Маладняк», 1995. – 160 с.

  1. Аўтэнтычны фальклор: праблемы вывучэння, захавання, пераймання: зборнік навуковых прац удзельнікаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мінск, 27-29 красавіка 2012 г./ БДУКМ; редкал.: М,А. Мажэйка (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БДУКМ, 2012, – 254 с.
  2. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / Склад. Ф.Я. Янкоўскі; Прадм. Д.Я.Бугаёва. – Мінск: Бел. навука, 2004. – 494 с.
  3. Беларусы. Т.5. Сям’я / В.К. Бандарчык, Г.М. Курыловіч, Т.І. Кухаронак і інш.; Рэдкал.: В.К. Бандарчык і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. – Мінск: Бел. навука, 2001.– 375 с.
  4. Грымаць, А.А. Беларуская народная педагогіка ў школе: дапаможнік для студэнтаў і выкладчыкаў педагагічных вучылішч, каледжаў, інстытутаў і ўніверсітэтаў / А.А. Грымаць, Л.М.Варанецкая. – Мінск, 1996. – 174 с.
  5. Кухаронак, В.Г. Выхаванне дасканалай асобы – асноўная мэта народнай педагогікі беларусаў / В.Г. Кухаронак, Т.І. Кухаронак// Традыцыйная культура і дзеці. Выпуск 1: Рэсп. эксперым. праект «Танцавальны фальклор і дзеці»/ Уклад. М.А. Козенка. ­– Мінск: БелДІПК, 2004.– С. 20 – 24.
  6. Матэрыялы этнаграфічных экспедыцый (запісы 1998 – 2015 гадоў) / Асабісты архіў М.М. Іваненкі. – Вілейка.
  7. Ракава, Л.В. Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы / Л.В. Ракава. – Мінск: Ураджай, 2000. – 111 с.

Аўтар:  Іваненка Мікалай Міхайлавіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Дзяржаўнай установы адукацыі «Вілейская гімназія № 2»

  1. с.84
Рубрики: Авторские статьи, Образование
Рейтинг@Mail.ru Яндекс.Метрика Яндекс цитирования
© 2017 Пролайф Беларусь. Все права защищены. XHTML / CSS Valid.
Разработано учреждением "Доброжитие"